899171cb     

Соболенко Роман - Перастарка (На Белорусском Языке)



Раман Сабаленка
Перастарка
Неяк так здарылася, што Гарпуська засядзелася ў дзеўках. Нельга
сказаць, каб дзяўчына была з якiм бракам. Наадварот, у свой час Гарпуська
была вельмi паглядная. Крыху камлюкаватая яе постаць была добра скроена,
прыгожыя рысы твару надавалi нейкую своеасаблiвую цеплыню. Не так даўно
адбою не было ад хлопцаў. Яшчэ i летась да Гарпуськi часцяком наведваўся
трактарыст Мiкiта Чурак. Ён, гэты трактарыст, кажуць, ужо асеў назаўсёды ў
Ямiшчах, гэта значыць у трэцяй брыгадзе, якая знаходзiцца за сем цi за
восем (хто яго там калi мераў) кiламетраў ад цэнтра калгаса "Зялёная нiва".
У свой час у Ямiшчах быў асобны калгас, i Гарпусьчын бацька - Свiрыд
Клiмянок - быў за старшыню ў iм. Год колькi назад ямiшчынскi калгас
далучылi да "Зялёнай нiвы", i ён стаў трэцяй паляводчай брыгадай. А праз
два гады пасля гэтай падзеi здарылася няшчасце: Свiрыд Клiмянок сеў на
жарабца Патона i паехаў у праўленне калгаса. Жарабец быў малады,
неаб'езджаны, i, калi Свiрыд ехаў палявой дарогай праз жыта, ён нечага
ўпудзiўся, i брыгадзiр так грымнуўся вобземлю, што нядоўга пажыў на гэтым
свеце. Казалi, што пячонкi адбiў чалавек. Колькi нi старалiся дактары, не
далi рады яго адхаяць.
Адным словам, у Клiмянковай хаце не засталося i мужчынскага заваду. I
цi то таму, што ў хату трэба быў мужчына, бо нельга ж без яго жыць - дроў
накалоць, дык бярыся сама за сякеру, зноў жа такi ўзараць сядзiбу, то прасi
на прамiлы бог каго, - старая Параска - Гарпусьчына мацi - часцяком
намякала дачцэ, што трэба ўжо i пары шукаць. Аднаго разу ўвечары да
Клiмянковых у хату зайшоў Мiкiта Чурак. Мацi, вiдаць, скмецiла, што гэты
хлопец хоча з акрайцам прыйсцi ў сваты да дачкi. Яна гэтак уважлiва
аглядала яго, што той сябе адчуваў нiякавата. Старая доўгi час распытвала ў
Мiкiты пра бацькоў, бо ён быў нетутэйшы. Параска ў душы была ўжо згодна на
тое, каб Мiкiта прыслаў сватоў, хоць хлопец ёй i не зусiм падабаўся: ён быў
нейкi мiзэрны, да таго ж вельмi маўклiвы i сарамлiвы. Праўду сказаць, цётка
Параска не вельмi любiла такiх. Яе ж нябожчык Свiрыд у маладосцi вунь якi
зух быў: i на язык, i на работу. Калi за што, бывала, возьмецца, дык тое аж
гарыць у руках. А гэты як пачне гаварыць, дык нiбы яму цяляты язык
аджавалi. Зноў жа такi, Мiкiта ходзiць заўсёды зашмальцаваны, мурзаты, нiбы
яму i ўмыцца няма калi. Матчына вока заўважыла ў той раз, як Мiкiта быў у
iхняй хаце, што Гарпуська не вельмi горнецца да хлопца, але сама сабе
падумала, што дачка ўжо немаладых год i, чаго добрага, яшчэ зусiм
застанецца ў дзеўках. Яна ўжо заўважыла, што i яе Гарпуська пачала неяк
мiзарнець. Нос яе завастрыўся, палупiўся ад сонца i ветру, твар здрабнеў,
вочы неяк запалi. Ды хiба дзiва, раслiна i тая, калi перастоiць на коранi,
жоўкне, нiкне да зямлi. I таму, калi Мiкiта, развiтаўшыся, выйшаў з хаты,
Параска, напускаючы на сябе штучную злосць, сказала:
- Гэтыя твае пераборы, глядзi, бокам вылезуць.
- Дык што я там перабiраю? - агрызнулася Гарпуська.
- Ды хоць бы колькi iх ужо ў хаце вачмi свяцiлi, а табе ўсё няўгодныя
i няўгодныя.
- Мама, вы сябе глядзiце, а не мяне i не мяшайцеся ў маё жыццё, -
рашуча i са злосцю заявiла Гарпуська.
- Як гэта не мяшацца? - ускiпела Параска. - Не табе адной пры iм жыць,
а i мне. Не пайду ж упрочкi з сваёй хаты.
- Нiхто вас у тыя прочкi i не гонiць, - памякчэла ўжо Гарпуська.
Параска на момант задумалася.
- А тым часам i гэты хлопец не пустадомак якi. А тое, што ён не вельмi
прыгожы, дык хiба з яго карцiны малява



Содержание раздела